ЗАЛАТА́Я БУ́ЛА (лац. Bulla aurea, венг. Aranybulla),

1) адзін з важнейшых юрыд. актаў у сярэдневяковай Венгрыі. Выдадзена ў 1222 венг. каралём Андрашам II Арпадам пад націскам т.зв. каралеўскіх слуг (пазней з іх сфарміравалася сярэдняя шляхта). З.б. гарантавала ім правы, якія да гэтага мелі магнаты (бароны): вызваленне ад падаткаў, права судаводства ў камітатах, абмежаванне абавязку ваен. службы і інш.; прадстаўляла вышэйшай і сярэдняй шляхце права паўстання супраць караля ў выпадку парушэння ім булы (адменена ў 1687).

2) Пастанова, прынятая ў 1356 у «Свяшчэннай Рым. імперыі» на імперскіх сеймах у гарадах Нюрнберг і Мец, зацверджаная імператарам Карлам IV Люксембургскім у якасці асн. канстытуцыйнага акта. Рэгулявала парадак выбрання імператара курфюрстамі, устанаўлівала час і месца выбарчага з’езду, вызначала рангі, абавязкі і прывілеі курфюрстаў. Дзейнічала да 1806.

т. 6, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)